Што такое Шэнгенская зона?
Шэнгенская зона – гэта тэрыторыя, на якой адменены пагранічны кантроль на ўнутраных мяжах, а супрацоўніцтва паміж службамі дзяржаў-падпісантаў, асабліва ў галіне паліцэйскага і судовага супрацоўніцтва, па крымінальных справах, а таксама праца так званай Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы (System Informacyjny Schengen), былі ўзмоцнены. На знешніх мяжах прымяняюцца дакладна акрэсленыя, аднолькавыя прынцыпы, якія датычаць кантролю ўезду і выезду іншаземцаў, напрыклад, у сферы ўзору віз, якія выдаюцца іншаземцам.
Да Шэнгенскага дагавора далучылася 25 дзяржаў.
З 1995 года: Бельгія, Францыя, Галандыя, Германія, Люксембург, Іспанія, Партугалія, Манака
З 1997 года: Аўстрыя, Італія, Сан Марына, Ватыкан
З 2000 года: Грэцыя (без терыторыі Афона)
З 2001 года: Данія (без Грэнландыі і Фарэрскіх астравоў), Фінляндыя, Швецыя, Ісландыя, Нарвегія (без Шпіцбергена і вострава Мядзведжы)
З 2007 года: Чэхія, Эстонія, Літва, Латвія, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Венгрыя
З 2008 года: Швейцарыя
З 2009 года: Ліхтэнштэйн
У наступныя гады да Шэнгенскага дагавора плануюць далучыцца таксама Балгарыя, Кіпр і Румынія. Шэнгенская зона не супадае з тэрыторыяй Еўрапейскага Саюза. Напрыклад, ёсць краіны Еўрапейскага Саюза, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, такія як Ірландыя і Вялікабрытанія. І наадварот – існуюць краіны, якія належаць да Шэнгенскай зоны, аднак не з'яўляюцца членамі ЕС, напрыклад, Швейцарыя, Ісландыя і Нарвегія.
21 снежня 2007 года Польшча разам з 8 іншымі новымі членамі Еўрапейскага Саюза далучылася да Шэнгенскай зоны. Гэтыя краіны прынялі адзіныя правілы ўезду і кароткачасовага побыту на іх тэрыторыі. Гэта можна заўважыць ужо на этапе падачы заявы на атрыманне візы.
Даўжыня дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Польшча складае 3511,52 км, з якіх 1185,46 км – гэта знешняя мяжа Шэнгенскай зоны – мяжа з Расійскай Федэрацыяй, Рэспублікай Беларусь і Украінай.


